КП 5785; М 745. Цукарніца выраблена фірмай Bracia Buch у Варшаве. Кляймо на прадмеце адносіцца да пасярэбрання метадам накладнога срэбра і датуецца 1872-1882 гг. Пасярэбраныя цукарніцы на варшаўскіх фабрыках пачалі вырабляць не пазней 1840 г. Цукарніцы першай паловы XIX ст. звычайна былі ў форме шкатулкі і зачыняліся на ключ, паколькі ў той час выкарыстоўвалі дарагі трысняговы цукар. Пасля таго як у другой палове XIX ст. пачалі вырабляць танны цукар з буракоў, знікае патрэба ў замках, узнікаюць новыя формы цукарніц, а з распаўсюджваннем сыпкага цукру і зусім новыя віды ёмістасцяў для яго падачы. Тым не меней, пасярэбраныя цукарніцы ў форме шкатулак працягвалі выпускаць на варшаўскіх фабрыках ажно да 1939 г. Прадмет бытаваў у вёсцы Струкі Докшыцкага раёна. Вядома, што ён дастаўся здатчыку ў спадчыну ад дзеда. У сям’і цукарніцу называлі “ларчык”, што кажа аб выкарыстанні яе ў якасці шкатулкі для захоўвання каштоўных дробных рэчаў, а не ў якасці прадмета сервіроўкі стала.
Comments